2012 28/12
...

Васіль Палякоў і Леанід Судаленка, Гомель

Агулам з пачатку году Цэнтар стратэгічнае цяжбы распачаў 28 новых стратэгічных справаў, у Камітэт ААН па правах чалавека накіравана 29 паведамленьняў, 10 зь якіх ужо прайшлі рэгістрацыю й накіраваныя ўраду Беларусі для камэнтароў. На працягу году ў Жэнэве прыняты 4 новых рашэньні па скаргах грамадзянаў, падрыхтаваных Цэнтрам, у якіх зафіксаваныя парушэньні з боку краіны тых ці іншых правоў беларускіх грамадзянаў.

Арганізацыя праводзіць таксама адукацыйныя ды іншыя мерапррыемствы. З пачатку года праведзена 6 сэмінараў на тэму “Стратэгічныя цяжбы ў дзейнасьці праваабарончых арганізацыяў”, два зь якіх прайшлі ва Ўкраіне й па сваёй сутнасьці зьяўляліся міжнароднымі.

Паводле кіраўніка Цэнтру, юрыста Леаніда Судаленкі:

“У Гомельскім рэгіёне, як і ва ўсёй краіне цалкам, вельмі шмат парушэньняў правоў грамадзянаў. Аднавіць парушанае права ў беларускіх судах практычна немагчыма, асабліва калі гэта тычыцца грамадзянскіх ды палітычных правоў. У прыватнасьці, такіх, як права на свабоду выказваньня сваіх меркаваньняў, права на мірныя сходы, права на незалежны суд, права абіраць і быць абраным. Практычна нельга абараніцца й ад дыскрымінацыі паводле палітычных матываў”.

Другі прадстаўнік, каардынатар Праграмаў Цэнтру Васіль Палякоў лічыць:

“Цяперашняя праца Цэнтру скіраваная на будучыню. Сёньня мы больш працуем, па-першае, на пэрспэктыву, а па-другое, працуем над тым, каб мяняць правасьвядомасьць судзьдзяў, адвакатаў, чыноўнікаў. Адна справа, калі мы кажам, што парушана нацыянальнае заканадаўства й зусім іншая справа, калі мы спасылаемся на міжнародныя нормы, на практыку Камітэту ААН, Эўрапейскага суду. Яны бачаць, што праўда й перавага на нашым баку, што гэтыя нормы немагчыма парушаць”
.

Студзень

З дапамогаю Цэнтра стратэгічнай цяжбы Уладзімер Кацора ды Уладзімер Няпомняшчых звярнуліся да старшыні Канстытуцыйнага суду, Генэральнага пракурора, а таксама ў абедзьве палаты парлямэнту. Яны прасілі даць ацэнку адпаведнасьці нормаў працэсуальна-выканаўчага кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях артыкулу 25 Канстытуцыі й артыкулу 9 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Алена Цалкова спыніла адміністрацыйную справу пра дробнае хуліганства супраць грамадзкага актывіста, пэнсыянэра Міністэрства нутраных справаў Уладзімера Няпомняшчых за недаказанасьцю ягонай віны. Праўныя ды юрыдычныя кансультацыі актывіст атрымліваў у Гомельскім Цэнтры стратэгічнае цяжбы.

У Камітэт ААН па правах чалавека пададзена скарга на прымусовую дактыляскапію. Старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў палічыў, што, прымушаючы яго да здачы адбіткаў пальцаў, дзяржава парушае артыкулы 14 и 26 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Справу ў ААН вядзе Гомельскі Цэнтар стратэгічнае цяжбы.

Люты

З дапамогаю Цэнтру стратэгічнае цяжбы праваабаронцы Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка зьвярнуліся з індывідуальнай скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека. Сутнасьць справы ў тым, што напярэдадні прэзыдэнскіх выбараў 2010 году праваабаронцы зьвярнуліся ў Гомельскі гарвыканкам за дазволам на правядзеньне пікету, прымеркаванага да Дня правоў чалавека, на якім яны жадалі зьвярнуць увагу выбаршчыкаў на іхнае права адмовіцца ад дэтэрміновага галасаваньня.

Уладзімер Кацора ды Уладзімер Няпомняшчых атрымалі адказ з Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, сутнасьць якога ў тым, што старшыня пастаяннай камісыі парлямэнту Мікалай Самасейка паабяцаў у 2012 годзе прывесьці нормы ПВКаАП у адпаведнасьць зь іхнымі патрабаваньнямі згодна з праэктам закону «Аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у КаАП і ПВКаАП».

У Камітэт ААН па правах чалавека зьвярнулася Зінаіда Шуміліна, якая ад свайго імя і ад імя яшчэ 12 чалавек падалі заяўкі на правядзеньне ў Гомелі пікетаў з мэтай прыцягненьня ўвагі да палітычнага перасьледу былых кандыдатаў ў прэзыдэнты, якія пасьля выбараў трапілі ў турмы. Гарвыканкам не дазволіў правесьці мірныя сходы грамадзянаў. Справу ў ААН вядзе Гомельскі Цэнтар стратэгічнае цяжбы.

Сакавік

Камітэт ААН па правах чалавека прыняў рашэньне па скарзе кіраўніка Гомельскага Цэнтру стратэгічнае цяжбы Леаніда Судаленкі, які скардзіўся на ўлады, калі яны парушылі права на распаўсюд інфармацыі. Дадзеная гісторыя пачалася ў 2004 годзе. Тады Леанід Судаленка намагаўся стаць кандыдатам у дэпутаты па Хойніцкай акрузе, але выбарчая камісыя не зарэгістравала яго. Паводле рашэньня ААНаўскага Камітэту дзяржава парушыла артыкул 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

У Камітэце ААН па правах чалавека зарэгістравана скарга гомельскага актывіста Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Юрася Захаранкі.

Давераная асоба экс-кандыдата на пасаду прэзыдэнта Мікалая Статкевіча скардзіцца на затрыманьне падчас прэзыдэнскіх выбараў і арышт на 12 сутак паводле абвінавачваньня ў нецэнзурнай лаянцы у грамадзкім месцы. Справу ў ААН вядзе Гомельскі Цэнтар стратэгічнае цяжбы.

З дапамогаю Цэнтру стратэгічнае цяжбы ў Камітэт ААН па правах чалавека зьвярнуўся Уладзімер Кацора. Актывіст лічыць, што беларускія ўлады ў асобе міліцыянэраў, затрымаўшы яго за арганізацыю Народнага сходу й пакараўшы штрафам, парушылі артыкулы 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, а менавіта права на свабоду распаўсюду інфармацыі й мірных сходаў.

Красавік

Гомельскія праваабаронцы Анатоль Паплаўны ды Леанід Судаленка атрымалі з Жэнэвы паведамленьне аб рэгістрацыі скаргі, паводле якой напярэдадні прэзыдэнскіх выбараў 2010 году яны зьвярнуліся ў Гомельскі гарвыканкам за дазволам на правядзеньне пікету, прымеркаванага да Дня правоў чалавека. Праваабаронцы жадалі зьвярнуць увагу выбаршчыкаў на іхнае права адмовіцца ад дэтэрміновага галасаваньня. Справу ў ААН вядзе Гомельскі Цэнтар стратэгічнае цяжбы.

Гомельскі Цэнтар стратэгічнае цяжбы выдаў дапаможнік па пытаньнях праўных калізыяў адміністратыўнага заканадаўства, якія прыводзяць да практыкі парушэньня права на свабоду й асабістую недатыкальнасьць. Новы дапаможнік – першы крок да ліквідацыі існуючых праўных калізыяў, а таксама зьмяненьня сытуацыі ў адміністратыўнай практыцы, якая вядзе да парушэньня права на свабоду ды асабістую недатыкальнасьць грамадзянаў.

Гомельская грамадзкая актывістка Зінаіда Шуміліна таксама атрымала з Жэнэвы паведамленьне аб рэгістрацыі ейнае скаргі, згодна зь якой 23 лютага 2011 году яна сумесна зь іншымі неабыякавымі грамадзянамі зьвярнулася ў Гомельскі гарвыканкам па дазвол на правядзеньне ў абласным цэнтры сэрыі пікетаў у падтрымку экс-кандыдатаў у прэзыдэнты й сябраў іхных выбарчых штабоў. Справу ў ААН вядзе Гомельскі Цэнтар стратэгічнае цяжбы.

Травень

Зарэгістравана 131-я скарга, пададзеная грамадзянамі Беларусі ў Камітэт ААН па правах чалавека. У сярэдзіне мінулага году Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі заснавальнікам Сяргею Калякіну, Валерыю Ухналёву ды Віктару Карняенку, а таксама 91 сябру створанага грамадзкага аб’яднаньня “За справядлівыя выбары”. Справу ў ААН па даверанасьці вядзе Гомельскі Цэнтар стратэгічнае цяжбы.

У Чарнігаве адбыўся сэмінар «Стратэгічныя справы ў практыцы праваабарончых арганізацыяў. Імплемэнтацыя дэ-факта нормаў міжнароднага права», арганізаваны па ініцыятыве Гомельскага Цэнтру стратэгічнае цяжбы. На працягу 3-х дзён беларускія праваабаронцы сумесна з сваімі калегамі з Украіны вывучалі асаблівасьці стратэгічных цяжбаў, знаёміліся з досьведам стратэгічнай абароны Харкаўскай праваабарончай групы.

З дапамогаю Цэнтру стратэгічнай цяжбы ў Камітэт ААН па правах чалавека з індывідуальнай скаргай зьвярнуўся Уладзімер Няпомняшчых. Ён просіць засьведчыць факт парушэньняў з боку Рэспублікі Беларусь ягоных правоў, гарантаваных пунктамі 1 і 2 артыкулу 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Таксама просіць рэкамэндаваць ураду Беларусі прывесьцi нормы Закону «Аб масавых мерапрыемствах» у адпаведнасьць зь міжнароднымі абавязальніцтвамі, а менавіта ў адпаведнасьць з артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Чэрвень

З дапамогаю Гомельскага Цэнтру стратэгічнае цяжбы у Гомелі распачата стратэгічная цяжба, накіраваная на адмену рашэньня Гомельскага гарвыканкаму аб вызначэньні месцаў для правядзеньня мірных сходаў грамадзянаў. Дзевяць гомельскіх актывістаў АГП падалі ў суд Цэнтральнага раёну Гомеля калектыўную скаргу на дзеяньні гарвыканкаму, які не дазволіў правесьці 15 траўня пікеты ў розных месцах гораду пад лёзунгам “За сумленныя выбары без Лукашэнкі”.

Пры разглядзе скаргі актывіста АГП Аляксандра Процкі на забарону правядзеньня ў г.Добрушы пікету “За сумленныя выбары без Лукашэнкі”, суд Добрушскага раёну вынес прыватнае вызначэньне ў дачыненьні да мясцовага райвыканкаму. У дадзеным вызначэньні гаворыцца пра тое, што “Добрушскім раённым выканаўчым камітэтам пры разглядзе заявы Процка дапушчаныя парушэньні заканадаўства”.

З дапамогаю Цэнтру стратэгічнае цяжбы ў Камітэт ААН па правах чалавека з індывідуальнай скаргай зьвярнуўся старшыня Гомельскай абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў, якога пакаралі арыштам на 5 сутак за арганізацыю Народнага сходу.

Ліпень

Камітэт ААН па правах чалавека прыняў рашэньне па скарзе былога старшыні аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” Віктара Карняенкі аб канфіскацыі кампутараў падчас прэзыдэнскіх выбараў 2001 году. Згодна рашэньню, беларуская дзяржава павінна ня проста вярнуць тэхніку й кампэнсаваць судовыя выдаткі, але й прывесьці прэзыдэнскі Дэкрэт аб замежнай бязвыплатнай дапамозе й практыку ягонага выкарыстаньня ў адпаведнасьць зь Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Справу ў ААН вёў Гомельскі Цэнтар стратэгічнае цяжбы.

Праваабаронцы Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка з дапамогаю Цэнтру стратэгічнае цяжбы накіравалі скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН на парушэньне іхнага права на свабоду мірных сходаў і на выказваньне меркаваньняў. 4 жніўня мінулага году ў дзень арышту кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага праваабаронцы з мэтай звароту ўвагі грамадзкасьці на палітычны арышт свайго калегі зьвярнуліся ў Гомельскі гарвыканкам па дазвол на правядзеньне ў абласным цэнтры сэрыі пікетаў.

Камітэт ААН па правах чалавека таксама прыняў рашэньне па скарзе грамадзкага актывіста Уладзімера Шуміліна, які у 2008 годзе распаўсюджваў улёткі пра сустрэчу былога кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча з гараджанамі. За гэта Уладзіміра затрымала міліцыя, а суд аштрафаваў яго за арганізацыю масавага мерапрыемства на паўтысячы даляраў. Беларуская дзяржава павінна ня толькі вярнуць усе судовыя выдаткі й сплаціць кампэнсацыі, але й прывесьці нацыянальны Закон аб масавых мерапрыемствах і практыку ягонага выкарыстаньня ў адпаведнасьць зь Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах. Справу ў ААН вёў Гомельскі Цэнтар стратэгічнае цяжбы.

Жнівень

Кіраўнік Гомельскага Цэнтру стратэгічнае цяжбы Леанід Судаленка атрымаў ад кіраўніка ЦВК Лідзіі Ярмошынай адказ на сваю просьбу азнаёміць сябраў акруговых камісыяў з рашэньнем Камітэту ААН па правах чалавека аб дыскрымінацыі па палітычных матывах. У адказе гаворыцца, што ў Выбарчы кодэкс у 2010 годзе быў унесены шэраг правак, у тым ліку якія закранаюць парадак рэгістрацыі кандыдатаў. Такім чынам, можна весьці размову аб выкананьні з боку ўлады аднаго з патрабаваньняў Камітэту ААН па правах чалавека, якое утрымліваецца ў рашэньні па справе “Судаленка супраць Беларусі” (№1750/2008).

З Жэнэвы прыйшло паведамленьне аб рэгістрацыі трох скаргаў, падрыхтаваных з дапамогаю Гомельскага Цэнтру стратэгічнае цяжбы. Паводле атрыманых карэспандэнцыяў скаргі грамадзкіх актывістаў Дзьмітрыя Карашкова, Уладзімера Няпомняшчых і прадстаўніка Цэнтру Васіля Палякова зарэгістраваныя ды накіраваныя ўраду Беларусі для выказваньня афіцыйнай пазыцыі беларускага боку адносна парушэньняў правоў. Дзмітрыя Карашкова беларускія ўлады пакаралі буйным адміністратыўным штрафам у памеры 1.750 тыс. рублёў за ўдзел у Народным Сходзе. Уладзімер Няпомняшчых зьвярнуўся у Камітэт ААН па правах чалавека пасьля таго, як яго ўлада за год пяць разоў прыцягвала да адміністратыўнай адказнасьці. Васіль Палякоў скардзіцца ў ААН з прычыны прыцягненьня яго да адміністратыўнай адказнасьці за адмову прайсьці дактыляскапію.

Гомельскі Цэнтр стратэгічнай цяжбы распачаў стратэгічную цяжбу па справе грамадзкага распаўсюдніка газэты “Новы Час” Аляксандра Процка, якога даставілі ў адзьдзяленьне міліцыі па Чыгуначным раёне й абвінавацілі ў парушэньні Правілаў гандлю. Адміністрацыйная камісыя Савецкага раёну Гомеля прыцягнула спадара Процка да адміністратыўнага штрафу ў памеры 100 тыс. рублёў. Судзьдзя суду Савецкага раёну Гомеля Сяргей Уласаў адмяніў штраф і спыніў справу у дачыненьні да грамадзкага распаўсюдніка незалежнае газэты. Цікава, што ў гэтай справе ў якасьці прэцэдэнту была выкарыстана другая справа беларускага актывіста, разгледжаная Камітэтам ААН па правах чалавека – “Лапцэвіч супраць Беларусі”.

Верасень

У Камітэце ААН па правах чалавека зарэгістравана скарга Анатоля Паплаўнага ды Леаніда Судаленкі на забарону ў Гомелі 4 жніўня 2011 году сэрыі пікетаў, прымеркаваных да арышту Алеся Бяляцкага, кіраўніка ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH). Справу ў ААН вядзе Гомельскі Цэнтар стратэгічнае цяжбы.

Гомельскі Цэнтар стратэгічнае цяжбы распачаў стратэгічную цяжбу па справе Сьвятланы Гальдадэ, Леаніда Судаленкі й Анатоля Паплаўнага, калі Гомельскі гарвыканкам забараніў ім правесьці 4 жніўня ў гадавіну арышту праваабаронцы Алеся Бяляцкага ў абласным цэнтры масавае мерапрыемства з мэтаю прыцягненьня ўвагі грамадзкасьці да праблемы палітычных вязьняў у краіне.

З дапамогаю Цэнтрку стратэгічнае цяжбы ў Камітэт ААН па правах чалавека зьвярнуліся гомельскія палітыкі Уладзімер Сякерка, Васіль Палякоў і Валер Клімаў. Заяўнікі лічаць, што іхныя правы на свабоду мірных сходаў і выказваньне меркаваньняў, былі парушаныя беларускімі ўладамі, калі апошнія забаранілі напрыканцы мінулага году провесьці ў абласным цэнтры мітынг, прысьвечаны эканамічнай сытуацыі ў краіне.

Кастрычнік

Гомельскі Цэнтар стратэгічнае цяжбы распачаў стратэгічную цяжбу па справе кіраўніка Гомельскай абласной арганізацыі Партыі левых «Справядлівы сьвет» Уладзімера Сякеркт, якога на памежнай чыгуначнай станцыі «Цяруха» зьнялі з цягніку Чарнігаў-Гомель. Афіцыйнай прычынай такіх дзеяньняў памежнікі пазначылі: «Высадка грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, які праходзіць па сьпісе базы дадзеных». З дапамогаю Цэнтру У.Сякерка спадзяецца даведацца аб існаваньні так званых сьпісаў базы дадзеных.

Таксама Цэнтар стратэгічнае цяжбы распачаў стратэгічную цяжбу па справе прадстаўніка незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці па Гомельскай вобласьці Віктара Казлова, якому Гомельскі гарвыканкам адмовіў у правядзеньні пікету 7 кастрычніку ў сусьветны Дзень дзеяньняў прафсаюзаў за годную працу.

У судзе Савецкага раёну Гомеля распачата стратэгічная цяжба, накіраваная на зьмяненьне сытуацыі вакол патрабаваньня інспэкцыямі па падатках і зборах дэклярацыяў аб даходах і маёмасьці за тэрмін, перавышаючы 3 гады. Падставаю паслужыў той факт, калі інспэкцыя па падатках і зборах па Савецкім раёне Гомеля аштрафавала кіраўніка Цэнтру Леаніда Судаленку на 5 базавых адзінак штрафу за адмову ў прадстаўленьні дэклярацыі за тэрмін, перавышаючы 3 гады.

Лістапад

З дапамогаю Гомельскага Цэнтру стратэгічнае цяжбы ў Камітэт ААН па правах чалавека зьвярнуўся старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Уладзімер Сякерка, які вычарпаў усе нутраныя сродкі праўнай абароны па абскарджваньні рашэньня Гомельскага гарвыканкаму аб забароне ў абласным цэнтры 1 траўня 2012 году мітынгу. Беларускія левыя ставяць пытаньне аб парушэньні іхнага права на свабоду правядзеньня мірнага сходу ды на свабоду выказваньня свайго меркаваньня.

Зь ініцыятывы Гомельскага цэнтру стратэгічнае цяжбы ў Харкаве прайшоў трэнінг “Стратэгічныя справы: права на справядлівае судовае разьбіральніцтва”, дзе украінскія праваабаронцы падзяліліся зь беларускімі калегамі досьведам працы з Эўрапейскім судом па правах чалавека ў частцы абароны правоў, гарантаваных міжнароднымі дамовамі аб незалежнасьці й безстароннасьці суду, а таксама спаборнасьці працэсу, роўнасьці бакоў, права на публічнае слуханьне, права на абарону й юрыдычнае прадстаўніцтва.

Камітэт ААН па правах чалавека прыняў рашэньне, паводле якога прызнаў, што ўлады Беларусі парушылі правы грамадзкага ды палітычнага актывісту Уладзімера Кацоры, перасьледуючы яго адміністратыўнымі арыштамі за арганізацыю ў абласным цэнтры мірных сходаў. Урад Беларусі мусіць забясьпечыць ахвяры парушэньня эфэктыўны сродак праўнай абароны, уключна з поўным пакрыцьцём выдаткаў і належнай кампэнсацыяй, а таксама абавязаны не дапускаць падобных парушэньняў у будучыні.

Снежань

З дапамогаю Гомельскага Цэнтру стратэгічнае цяжбы у Камітэт ААН па правах чалавека паскардзіліся старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў і сябра партыі Уладзімер Няпомняшчых. Падставай паслужыла адмова судоў разгледзець іхныя скаргі па фактах ўвядзеньня на тэлерадыёкампаніі “Гомель” палітычнай цэнзуры падчас прайшоўшай так званай палітычнай кампаніі «выбары дэпутатаў парлямэнту».

Таксама, з дапамогаю Цэнтра гомельскія праваабаронцы Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка накіравалі скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН на парушэньне іхных правоў на свабоду мірных сходаў і выказваньне меркаваньняў, прадугледжаных артыкуламі 19 і 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

У лістападзе 2011 году Анатоль Паплаўны і Леанід Судаленка звярнуліся ў Гомельскі гарвыканкам за дазволам на правядзеньне 10 сьнежня пікету, прымеркаванага да Дня правоў чалавека.

Прадстаўнікі Гомельскага цэнтру стратэгічнае цяжбы Леанід Судаленка і Васіль Палякоў з працоўным візытам наведалі Эўрапейскі цэнтар па правах цыганоў (ERRC), дзе пазнаёміліся з досьведам працы адной з найбольш вядомых у Эўропе арганізацыяў, якая займаецца судовымі працэсамі, мэтай якіх ёсьць сыстэмныя зьмены ў заканадаўстве альбо правапрымяняльнай практыцы (гэта значыцца – стратэгічнымі цяжбамі). Эўрапейскі цэнтар па правах цыганоў працуе ў 10 краінах, у тым ліку Расеі ды Ўкраіне.

Гомельскі Цэнтар стратэгічнае цяжбы распачаў у судзе Цэнтральнага раёну Гомеля новую стратэгічную цяжбу супраць гарвыканкаму, калі апошні забараніў 19-ці сябрам АГП правесьці ў абласным цэнтры 19 сьнежня сэрыю пікетаў пад лёзунгам “Скралі выбары, каб прадаць краіну”. Падчас пікетаў актывісты АГП плчнавалі нагадаць пра існуючых у краіне палітвязьняў і паказаць людзям, што ў краіне няма свабодных выбараў.

Даведка: Цэнтрр стратэгічнае цяжбы, які ўзначальваюць юрыст ды праваабаронца Леанід Судаленка й грамадзкі ды палітычны актывіст Васіль Палякоў дзейнічае у Гомелі цягам пяці апошніх гадоў. Цэнтар дапамагае беларускім грамадзянам адстойваць свае грамадзянскія ды палітычныя правы як унутры краіны, гэтак і ў міжнародных структурах.

У 2012 годзе да дзейнасьці Цэнтру далучыліся прадстаўнікі Берасьцейскага, Гарадзенскага ды Віцебскага рэгіёнаў краіны. Арганізацыя заснавалая трывалыя працоўныя сувязі з Харкаўскай праваабарончай групай (Україна), а таксама з праваабарончым Цэнтрам “Вясна” (Менск). Прадстаўнікі Цэнтру праходзілі стажыроўкі ў Эўрапейскам Цэнтры па правах цыганоў (Будапэшт) і ў Гэльсынскім Фондзе па правах чалавека (Варшава).

Паводле праўнай разсылкі й gomelspring.org,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
by.prava-by.info

Цэтлікі: , , ,

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>