25 сакавіка 2008 году спадарыня Антаніна Піванос вырашыла зрабіць падарунак апазыцыянэру Барысу Хамайду – прынесла яму вышыванку з словамі малітвы “Ойча наш”. Вышытыя чырвонымі ніткамі на белай тканіне, гэтыя словы міліцыянты расцанілі як плякат апазыцыйнага зьместу. І Антаніна Піванос была пакараная штрафам у памеры дзьвюх базавых велічынь нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце.
Інцыдэнт адбыўся ў Дзень Волі каля так званага Сіняга дому, дзе спадар Хамайда распаўсюджваў незалежную прэсу. У той самы дзень адбыўся працэс у Чыгуначным райсудзе, дзе спадарыня Антаніна спрабавала пераканаць судзьдзю, што на ўручэньне падарунку, хай сабе і ў грамадзкім месцы, не патрэбная санкцыя ўладаў. Тым ня менш, суд скончыўся штрафам для актывісткі ды канфіскацыяй “крамольнай” вышыванкі. Абскардзіць гэтае рашэньне не ўдалося ні ў Віцебскім абласным, ні ў Вярхоўным судзе…
Пасьля звароту Антаніны Піванос у Камітэт па правах чалавека ААН прайшло больш за 4 гады, але рашэньне актывістка атрымала станоўчае. Згодна зь ім, у дачыненьні да спадарыні Піванос быў парушаны артыкул 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Паводле часткі 2 гэтага артыкулу, грамадзяне дзяржаў – удзельніцаў Пакту, сярод якіх ёсьць і Беларусь, маюць права на вольнае выказваньне сваіх думак. Менавіта гэтае права жыхаркі Віцебску было незаконным чынам парушана.
Паводле рашэньня Камітэту, беларускія ўлады абавязаныя выплаціць кампэнсацыю, пакрыць панесеныя актывісткай выдаткі й вярнуць канфіскаваную маёмасьць.
ФОТА: Антаніна Піванос са сваёй вышыванкай, 2008 год.
Паводле spring96.org,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
by.prava-by.info
Цэтлікі: парушэньне Канстытуцыі й МПГіПП (ч.2 арт. 19), праваабарона, рашэньні КПЧ ААН