2013 13/02
...

Нілс Муйжніекс, Камісар Рады Эўропы па правах чалавека

12 лютага Камісар Рады Эўропы па правах чалавека сп. Нілс Муйжніекс выступіў з заявай у падтрымку беларускіх праваабаронцаў, заклікаючы ўсе краіны Рады Эўропы быць больш актыўнымі й больш лягічнымі ў сваёй палітыцы ў дадзеным напрамку.

Тэкст заявы, апублікаваны на сайце Рады Эўропы:

Беларускія праваабаронцы маюць патрэбу ў падтрымцы

Беларусь не зьяўляецца дзяржавай – удзельніцай Рады Эўропы й не павінна нават разглядацца як кандыдат, пакуль яна ня вызваліць усіх праваабаронцаў і актывістаў апазыцыі, зьняволеных па палітычных матывах, не адменіць сьмяротнае пакараньне й не правядзе маштабных дэмакратычных рэформаў. Гэта азначае, што Беларусь у цяперашні час не зьяўляецца суб’ектам юрысдыкцыі Эўрапейскага суду па правах чалавека; большасьць маніторынгавых механізмаў, а таксама мой Офіс не рыхтуюць даклады ў дачыненьні да гэтай краіны. Аднак гэта не вызваляе Раду Эўропы ды ейныя дзяржавы-удзельніцы ад неабходнасьці праяўляць актыўную цікавасьць да Беларусі, устрымлівацца ад якіх-небудзь дзеяньняў, якія маглі б нанесьці шкоду беларускім праваабаронцам, а таксама імкнуцца аказваць падтрымку правам чалавека ў гэтай краіне.

“Не нашкодзь”

Першы прынцып, які трэба памятаць – гэта “не нашкодзь”. Іншымі словамі, дзяржавы-удзельніцы Рады Эўропы не павінны супрацоўнічаць з беларускімі ўладамі ў якіх-небудзь дзеяньнях, якія могуць паставіць пад пагрозу фізычную цэласнасьць і бясьпеку беларускіх праваабаронцаў. На жаль, некаторыя структуры ў дзяржавах-удзельніцах Рады Эўропы не заўсёды выконвалі гэты прынцып. Варта нагадаць, што арышт, судовы перасьлед, прысуд і турэмнае зьняволенне вядомага праваабаронцы Алеся Бяляцкага сталіся магчымымі, дзякуючы інфармацыі, прадстаўленай Летувой і Польшчай аб банкаўскіх рахунках на імя Бяляцкага ў гэтых краінах. Паведамлялася таксама, што супрацоўніцтва з Беларусьсю праз Інтэрпол можа прывесьці да рызыкаў для дзеячаў грамадзянскай супольнасьці.

Зьнешні сьвет можа нанесьці шкоду справе правоў чалавека і ў тым выпадку, калі заявы будуць непасьлядоўнымі, альбо ў кантактах з беларускім рэжымам будуць гучэць розныя галасы. Пры тым, што некаторыя вонкавыя сілы заклікаюць да санкцыяў, іншыя працягваюць весьці актыўныя справы зь Беларусьсю. Відавочна, што такія зьмешаныя сыгналы ды адмова ад падыходу, заснаванага на каштоўнасьцях, на карысьць падыходу, заснаванага на рэалпалітык, даюць уладам у Менску значнае поле для манэўру й дазваляюць ім сутыкаць паміж сабою розных удзельнікаў, што не йдзе на карысьць праваабаронцам Беларусі.

Дэманстраваць салідарнасьць і аказваць падтрымку

Дзяржавы – удзельніцы Рады Эўропы павінны дэманстраваць салідарнасьць з праваабаронцамі, якія сутыкаюцца зь цяжкасьцямі, ня толькі падымаючы зьвязаныя з падобнымі выпадкамі пытаньні ў шматбаковых і двухбаковых кантактах, але й выдаючы тэрміновыя візы, а калі неабходна – і палітычны прытулак, праваабаронцам ды іхным семьям, якія маюць патрэбу ў абароне ад пагрозаў, запалохвананяў і перасаледу з боку беларускіх уладаў. Варта разгледзець магчымасаць стварэнаня цэнтральнага кантактнага пункту, у які змогуць завяртацца беларусы, якія знаходзяцца пад пагрозаю. Было б лягічным разьмясьціць такі кантактны пункт у суседніх краінах.

Многія беларускія НДА адкрылі свае офісы ў летувіскай сталіцы Вільні, разьмешчанай бліжэй да Менску, чым многія беларускія правінцыйныя гарады. Вільня прымае таксама на сваёй тэрыторыі Беларускі гуманітарны ўнівэрсытэт – цэнтар вальнадумства, чыя дзейнасьць у Беларусі ва ўмовах рэпрэсыяў сталася немагчымай. Студэнтаў, якіх выключылі з унівэрсытэтаў за палітычную дзейнасьць у Менску, цяпер прымаюць у Вільні. Яшчэ адна годная ініцыятыва – гэта тэлевізыйная станцыя Белсат, разьмешчаная ў Польшчы, якая перадае на Беларусь навіны ды інфармацыю без цэнзуры.

І іншыя эўрапейскія краіны павінны працягваць падтрымліваць беларускія праваабарончыя арганізацыі й саміх праваабаронцаў шляхам фінансаваньня іхнае дзейнасьці ды забеспячэньня ўдзелу ў розных зьнешніх мерапрыемствах і навучальных курсах. Праваабаронцы й арганізацыі ў іншых эўрапейскіх краінах павінны наладжваць партнэрскія сувязі з сваімі калегамі ў Беларусі ў рамках сумесных праектаў. Напрыклад, Беларускі дом правоў чалавека ў выгнаньні ў Вільні – сетка беларускіх праваабарончых арганізацыяў – зьяўляецца эфэктыўнай плятформаю для сумесных дзеяньняў у падтрымку дзейнасьці праваабаронцаў.

Роля Рады Эўропы

Рада Эўропы ды ейныя дзяржавы-ўдзельніцы павінны нарошчваць намаганьні для таго, каб павышаць узровень інфармаванасьці аб стандартах, інструмэнтах і мэханізмах Рады Эўропы, у тым ліку шляхам арганізацыі мэрапрыемстваў у краіне, калі гэта ўяўляецца магчымым. Сама Беларусь хацела б пашырыць сваё супрацоўніцтва з Радай Эўропы, і некаторыя канвэнцыі адкрытыя для падпісаньня й дзяржавамі, якія не зьяўляюцца сябрамі арганізацыі. Беларусь ужо далучылася да антыкарупцыйнага мэханізму Рады Эўропы й знаходзіцца ў працэсе далучэньня да мэханізму па барацьбе з гандлем людзьмі. Добрым працягам было б далучэньне Беларусі да Эўрапейскай канвэнцыі аб папярэджаньні катаваньняў і бесчалавечнага альбо зьневажаючага годнасьць абыходжаньня альбо пакараньня, што дазволіць экспэртам Камітэту па папярэджаньні катаваньняў мець рэгулярны доступ да месцаў зьняволеньня ў Беларусі, у тым ліку й да зьняволеных у турмах праваабаронцаў.

Важна таксама, каб і экспэртны ворган Рады Эўропы па канстытуцыйным праве – Венэцыянская камісыя – і далей ўдзельнічала ва ўсіх формах супрацоўніцтва. Венэцыянская камісыя ўжо прыняла заключэньне па заканадаўстве ў Беларусі, якое абмяжоўвае свабоду асацыяцыяў і сходаў. Калі Беларусь жадае працягваць гэтае супрацоўніцтва, то Венэцыянская камісыя магла б прадставіць дадатковыя заключэньні па заканадаўстве Беларусі ў галіне правоў чалавека. Добрым паказчыкам сур’ёзнасьці намераў Беларусі праводзіць рэформы было б тое, у якой ступені гэтая краіна будзе прытрымлівацца гэтых заключэньняў.

Канфэрэнцыя міжнародных няўрадавых арганізацыяў і Парлямэнская Асамблея Рады Эўропы таксама адыгралі сваю канструктыўную ролю ў тым, каб прыцягнуць увагу эўрапейскай грамадзянскай супольнасьці й парлямэнтаў да становішча беларускіх праваабаронцаў, у тым ліку праз слуханьні, даклады ды іншыя мэрапрыемствы. І гэтыя ініцыятывы заслугоўваюць дадатковай увагі й падтрымкі з боку ўрадаў дзяржаваў – удзельніцаў.

Погляд у будучыню

Я спадзяюся, што настане дзень, калі Алесь Бяляцкі ды іншыя несправядліва зьняволеныя ў турму праваабаронцы й актывісты апазыцыі будуць вызваленыя, прычым ня толькі з турмы, але й ад пагрозаў паўторнага арышту толькі за тое, што яны выказваюць сваё меркаваньне ды мірна выступаюць у абарону дэмакратыі. Я з нецярпеньнем чакаю таго дня, калі становішча з правамі чалавека ў Беларусі палепшыцца настолькі, што дасьць магчымасьць кіраўніцтву гэтай краіны ўвесьці яе ў Раду Эўропы. А пакуль гэты дзень не надышоў, на ўсіх нас ляжыць адказнасьць за тое, каб не нашкодзіць, але садзейнічаць захаваньню правоў чалавека ў Беларусі любым даступным нам спосабам.

Паводле licviny.info,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
by.prava-by.info

Цэтлікі: ,

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>