2013 25/02
...

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і Цэнтар праўнай трансфармацыі выпусьцілі гадавы агляд “Свабода асацыяцыяў і праўны стан некамэрцыйных арганізацыяў у Беларусі” за 2012 год . У публікацыі адлюстраваныя найбольш важныя тэндэнцыі й падзеі, зьвязаныя з праўнымі ўмовамі дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў і іншых формаў арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці.

Выпуск падобнага кшталту гадавых аглядаў ажыцьцяўляецца з 2007 году. Сёлета аўтары агляду адзначылі, што магчымасьці для рэалізацыі свабоды асацыяцыяў у 2012 годзе ў Беларусі не пашырыліся. На ўзроўні праўнага рэгуляваньня, нягледзячы на ўвядзеньне асобных пазытыўных нормаў, не было зафіксавана значных зьменаў, якія б палепшылі альбо пагоршылі становішча некамэрцыйных арганізацыяў.

Тым ня менш, уладамі плянуецца далейшае рэфармаваньне заканадаўства аб грамадзкіх аб’яднаньнях у 2013 годзе. Асаблівую ўвагу агляд зьвяртае на падрыхтоўку да прыняцьця ў першым чытаньні ў 2013 годзе зьменаў да закону “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”. У аглядзе адзначаецца, што распрацаваны законапраект зьмягчае некаторыя ўмовы для рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, аднак не зьмяняе сутнасьці працэдуры рэгістрацыі на аснове дазвольнага прынцыпу, якая дае рэгістрацыйным ворганам магчымасьць адвольна выносіць адмовы ў рэгістрацыі.

На ўзроўні праваўжывальнай практыкі ў 2012 годзе захаваліся ранейшыя негатыўныя трэнды, пры гэтым іх інтэнсыўнасьць не зьмянілася. Фіксуюцца прыклады адвольных адмоваў у рэгістрацыі аб’яднаньняў, а таксама перашкоды ва ўзгадненьні назваў установаў. Застаюцца і іншыя перашкоды для дзейнасьці, уключаючы пазбаўленьне памяшканьня для правядзеньня мерапрыемстваў альбо офісаў, звыклыя абмежаваньні для прыцягненьня фінансаваньня. Аднак, пры гэтым, нормы аб крымінальнай адказнасьці за парушэньні парадку прыцягненьня замежнай бязвыплатнай дапамогі, уведзеныя ў заканадаўства ў канцы 2011 году, не ўжываліся.

Стваральнікі агляду адрасуюць яго як беларускай грамадзкасьці, так і міжнародным зацікаўленым суб’ектам – правабарончым арганізацыям і міжнародным інстытуцыям па абароне правоў чалавека. У прыватнасьці, агляд будзе накіраваны спэцыяльнаму дакладчыку ААН па правах чалавека ў Беларусі Міклашу Харашты.

Таксама асноўныя тэзы дакумэнту будуць прадстаўленыя ў ААН ў якасьці ацэнкі выкананьня Рэспублікай Беларусь рэкамэндацыяў, адрасаваных Беларусі ў 2010 годзе ў часе Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду ААН (Universal Periodic Review). Нагадаем, што ў межах гэтай працэдуры ААН рэкамэндавала Беларусі скасаваць крымінальную адказнасьць за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў і прыняць іншыя захады па паляпшэньні праўных умоваў для дзейнасьці няўрадавых аб’яднаньняў. Наступны раўнд справаздачы па выкананьні правоў чалавека Беларусь у межах Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду Беларусь будзе праходзіць ў траўні 2015 году.

З тэкстам агляду можна азнаёміцца па спасылцы: https://docs.google.com/file/d/0B0Zdv-X3s4ASUFJOZE9oc2FDbms/edit, а таксама ў дадатку.

Асобна прыкладаецца таксама падрыхтаваны Цэнтрам правовой трансфармацыі аналіз рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў у 2012 годзе, спісы зарэгістраваных і ліквідаваных у 2012 годзе некамерцыйных арганізацыяў.

ДАДАТАК: 2012-monitoring-ru (PDF, 297 Кb)

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>