Не забірай жыцьцё!
2013 27/02
...

Грамадзяне Беларусі, парушэньне правоў якіх прызнана Камітэтам ААН па правах чалавека, ствараюць новую праваабарончую арганізацыю. Пра ейныя мэты й працу – у матэрыяле карэспандэнта DW.

Пачынаючы з 1997 году, у Камітэт ААН па правах чалавека з Беларусі паступіла 144 скаргі. Зь іх 76 былі прызнаныя абгрунтаванымі, а па выніках разгляду 36 справаў беларускія грамадзяне былі прызнаныя пацярпелымі. Гэта значыць, што ўраду Беларусі былі накіраваны рашэньні Камітэту ААН з патрабаваньнем аднавіць парушаныя правы й прывесьці нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасьць зь міжнароднымі абавязальніцтвамі краіны. Аднак беларускае кіраўніцтва ўсе гэтыя рашэньні пакуль ігнаруе.

Ствараецца новае праваабарончае аб’яднаньне

Статыстыку зваротаў у Камітэт ААН па правах чалавека вядуць кіраўнік гомельскага Цэнтру стратэгічнае цяжбы Леанід Судаленка. Створаная ў 2007 годзе праваабарончая структура дапамагае беларусам пісьменна аформіць скаргі ў міжнародныя інстанцыі й вядзе судовыя спрэчкі, мэтай якіх зьяўляецца сацыяльная й заканадаўчая рэформа ў інтарэсах грамадзтва.

Да мінулага году, калі падобныя цэнтры былі створаны ва ўсіх абласьцях краіны, Гомель заставаўся рэгіянальным лідэрам у арганізацыі стратэгічных цяжбаў. Таму невыпадкова першая сустрэча грамадзянаў, парушэньне правоў якіх было прызнана Камітэтам ААН па правах чалавека, прайшла ў сярэдзіне лютага менавіта ў гэтым горадзе.

Дванаццаць прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў, дэлегаваныя ад розных рэгіёнаў Беларусі, абвясьцілі аб стварэньні аргкамітэту новага праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня. Ягоная мэта – прымусіць цяперашняе кіраўніцтва краіны перастаць ігнараваць абавязальніцтвы па міжнародных пагадненьнях.

Абавязаныя, але не выконваюць

Сёньня, кажа спадар Судаленка, беларусы могуць зьвяртацца за абаронай толькі ў жэнэўскі офіс Камітэту ААН па правах чалавека. З-за таго, што Беларусь не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы й да гэтага часу не ратыфікавала Эўрапейскую канвэнцыю аб правах чалавека, грамадзяне краіны ня могуць скардзіцца ў Эўрапейскі суд па правах чалавека ў Стразбуры. Праблема заключаецца ў тым, што калі ў Стразбурскім судзе прадугледжаны мэханізм ўзьдзеяньня на ўлады краінаў, якія падпісалі канвэнцыю, то ў Камітэту ААН не існуе ніякіх інструмэнтаў ціску.

Урад Беларусі адмаўляецца выконваць рашэньні Камітэту ААН па правах чалавека, матывуючы гэта тым, што яны носяць рэкамэндацыйны характар​​ не абавязковы для выкананьня. Аднак, гэта ня так, сьцьвярджае Віктар Карняенка, які ўвайшоў у склад аргкамітэту новай арганізацыі, як сустаршыня кампаніі “За справядлівыя выбары” у Менску.

Беларусь, адзначае ён, у 1992 годзе падпісала й ратыфікавала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і факультатыўны пратакол да яго. Менавіта гэтыя дакумэнты даюць магчымасьць беларусам зьвяртацца са скаргамі ў Камітэт ААН па правах чалавека, які, у сваю чаргу, упаўнаважаны прымаць адпаведныя рашэньні па разгледжаных справах. “І калі ўлада абвяшчае гэтыя рашэньні неабавязковымі, то значыць яна не выконвае дамоўленасьці й падманвае ААН”, – кажа Карняенка.

Працаваць з ААН

Важнай праваабаронцы лічаць і працу з самім Камітэтам ААН па правах чалавека, які, на іхную думку, таксама можа дамагацца рэалізацыі прынятых рашэньняў ад дзяржаў, якія ратыфікавалі пагадненьне. Да гэтага часу на сытуацыю з беларускім урадам у ААН зьвярталі недастаткова ўвагі, аднак новая праваабарончая арганізацыя, па задуме ейных ініцыятараў, закліканая працаваць з гэтай тэмай сыстэмна.

Віктар Карняенка лічыць магчымым ставіць пытаньне аб выкананьні Беларусьсю сваіх абавязальніцтваў нават перад Генэральным сакратаром ААН. Гэта не значыць, што сам генэральны сакратар будзе разьбірацца зь беларускім урадам, але для гэтых мэтаў ёсьць дастаткова вялікі апарат ААН. І зь цягам часу, калі сытуацыя не будзе паляпшацца, гэтую праблему можна будзе вынесьці на ўзровень Рады бясьпекі ААН, спадзяецца Карняенка.

Праваабаронцы зьвяртаюць увагу й на тое, што ў Менску знаходзіцца прадстаўніцтва ААН, зь якім пакуль не была наладжана цесная праца. Адным зь бліжэйшых мерапрыемстваў аргкамітэту як раз стане сустрэча грамадзянаў, прызнаных пацярпелымі, з супрацоўнікамі менскага офісу прадстаўніцтва ААН. І калі раней сярод такіх пацярпелых былі адзінкі, то сёньня іхны лік пайшоў ужо на сотні, сьцьвярджае віцебскі праваабаронца, сябра Беларускага Гэльсынскага Камітэту Павал Левінаў.

Сотні пацярпелых

Напрыклад, толькі па справе “Карняенка супраць Беларусі” пад скаргай аб ліквідацыі ўладамі ў 2003 годзе няўрадавай арганізацыі “Грамадзкія ініцыятывы” падпісалася 284 чалавекі. У рашэньні Камітэту ААН па правах чалавека гаворыцца, што ўлады парушылі свае абавязальніцтвы, і загадана аднавіць дзейнасьць гэтай НДА. Пацярпелымі прызнаныя ўсе падпісанты. Але рашэньне да гэтага часу не выканана.

Павал Левінаў

Сам Левінаў падаў у Камітэт ААН па правах чалавека дзевяць скаргаў, якія прызнаныя абгрунтаванымі, і дзейнічаў ён у інтарэсах цэлых груп грамадзянаў. Гаворка ідзе, перш за ўсё, аб парушэньні правоў на свабоду выказваньня меркаваньня, мірныя сходы й стварэньне асацыяцыяў, распаўсюд інфармацыі. “Але ёсьць і выпадкі абгрунтаваных скаргаў на несправядлівы суд і жорсткае, бесчалавечнае абыходжаньне з затрыманымі”, – кажа спадар Левінаў.

Мяркуецца, што новая арганізацыя будзе мець рэспубліканскі статус. Згодна з законам, для ейнай рэгістрацыі неабходна, каб у склад заснавальнікаў ўвайшлі па 10 чалавек зь, мінімум, чатырох абласьцей Беларусі ды сталіцы рэспублікі, Менску. Гэтая колькасьць заснавальнікаў была сабраная без аніякіх цяжкасьцяў. Гэта значыць на сёньня ў працэс стварэньня НДА ўжо ўключана больш за паўсотні чалавек.

Паводле www.dw.de,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
by.prava-by.info

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>