2013 01/03

Праваабаронца Сяргей Гоўша лічыць неабходным ўнясеньне зьменаў у Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэньнях, зыходзячы з уласнага досьведу.

Баранавіцкі праваабаронца Сяргей Гоўша 1 сакавіка накіраваў у Канстытуцыйны Суд пісьмовы зварот. На падставе ўласнага досьведу ён прапануе КС прызнаць неадпаведнымі Канстытуцыі й міжнародным праўным нормам палажэньні Працэсульна-выканаўчага кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях (далей ПВКабАП) у пытаньні немагчымасьці адмены дзяржпошліны, а таксама прапанаваць Палаце прадстаўнікоў разгледзець пытаньне аб дапаўненьні ПВКаАП з тым, каб дзейсным чынам забясьпечыць гарантыі судовай абароны правоў і свабодаў асобы.

У сваім лісьце грамадзкі актывіст паведамляе КС, што пастановай судзьдзі Васіля Петрыва суду г. Баранавічы ад 21 жніўня 2012 г. ён быў прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасьці, а 30.08.2012г. накіраваў у суд скаргу ды напісаў у суд заяву аб вызваленьні яго ад дзяржпошліны ў сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам.

Аднак, пастановай судзьдзі Васіля Петрыва ад 13 верасьня 2012 г. Сяргею Гоўшы было адмоўлена ў задавальненьні хадайніцтва аб вызваленьні яго ад уплаты дзяржаўнай пошліны ў сувязі з тым, што Працэсуальна-выканаўчым кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністратыўных правапарушэньнях магчымасьць вызваленьня ад уплаты дзяржпошліны пры падачы скаргаў на пастановы суду не прадугледжана.

У сваім лісьце Сяргей Гоўша падсумоўвае, што ён не змог скарыстацца правам на абскарджваньне судовых пастаноў.
Разам з тым, рашэньне па скарзе, на погляд Сяргея Гоўшы, высьветліла агульную праблему: наяўнасьць у дзеючым адміністратыўна-працэсуальным заканадаўстве прабелу, у выніку якога парушаецца канстытуцыйнае права грамадзянаў на судовую абарону.

Пры гэтым Сяргей Гоўша зыходзіць з наступнага. Ён адзначае, што права на судовую абарону гарантаванае арт. 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. А ў арт.2 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (далей МПГіПП) замацаваны абавязак кожнай дзяржавы-удзельніцы Пакту забясььпечыць кожнай асобе, правы й свабоды якой парушаны, эфэктыўны сродак праўнай абароны.

Сяргей Гоўша лічыць, што зыходзячы з вышэй прыведзеных палажэньняў Канстытуцыі ды ратыфікаванага Рэспублікай Беларусь МПГіПП, дзяржава павінна ствараць такія сродкі праўнай абароны, якія б гарантавалі эфэктыўную абарону парушаных правоў і свабодаў асобы.

Згодна арт.130 Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь, суд ці судзьдзя, зыходзячы з маёмаснага становішча грамадзяніна, мае права поўнасьцю ці часткова вызваліць яго ад уплаты судовых выдаткаў. Па тых жа падставах, у адпаведнасьці з арт.134 ГПК, суд ці судзьдзя ўплату судовых выдаткаў можа адтэрмінаваць ці растэрмінаваць.

Сяргей Гоўша дадае, што й Гаспадарчы працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь таксама прадугледжвае магчымасьць адтэрміноўкі ці растэрміноўкі ўплаты дзяржаўнай пошліны (арт. 127).

Далей Сяргей Гоўша сьцвярджае, што нават у крымінальным працэсе асуджаны можа быць вызвалены ад выплаты працэсуальных выдаткаў, якія ў гэтым выпадку адносяцца на кошт дзяржавы (арт. 163).

Такім чынам, Сяргей Гоўша падсумоўвае, што адміністратыўна-працэсуальным заканадаўствам, як адзначана ў пастанове судзьдзі ад 13 верасьня 2012г., такой магчымасьці не прадугледжана.

Паводле spring96.org,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
by.prava-by.info

Цэтлікі: , ,

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>