
Анатоль Рыбчанка, Жлобін
Сябра партыі “Справядлівы сьвет” са Жлобіну Валеры Рыбчанка накіраваў скаргу у Камітэт па правах чалавека ААН на адмову раённага суду разгледзіць выпадкі ілжэсьведчаньня мясцовай міліцыі падчас судовых працэсаў над актывістам у 2011 годзе.
– Спачатку мы накіравалі скаргу ў УУС Гомельскага аблвыканкаму, прычым два разы, таму што суд чамусьці палічыў, што мы туды не зьвярталіся, – распавядае Валеры Рыбчанка. – Потым нашыя скаргі былі накіраваныя ў мясцовы РАЎС, а таксама у МУС Беларусі, потым – зноў у суд, але паўсюль зробленыя адпіскі. Таму зараз мы напісалі тлумачэньні на гэты конт і адправілі нашу скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН.
Нагадаем, пасьля затрыманьня Валерыя Рыбчанкі 3 ліпеня 2011 году падчас раздачы інфармацыйнага матэрыялу суд Жлобінскага раёну асудзіў актывіста на 15 сутак. У пратаколе міліцыянт, які затрымліваў Рыбчанку, пазначыў, што той затрыманы да высьвятленьня абставінаў.
Нягледзячы на гэта, Рыбчанку пакінулі у жлобінскім ізалятары, дзе на той час праводзіўся рамонт, да суду, які адбыўся толькі на наступны дзень, 4 ліпеня.
Паводле spring96.org
Цэтлікі: звароты ў КПЧ ААН, праваабарона