2013 08/03
...

У сваім выступе 5 сакавіка 2013 г. у Радзе па правах чалавека Фундацыя дамоў правоў чалавека заклікала ўлады Беларусі неадкладна й безумоўна вызваліць Алеся Бяляцкага, зьняць усе абвінавачаньні супраць яго і цалкам рэабілітаваць яго. Да ягонага вызваленьня Алесю Бяляцкаму павінен быць забясьпечаны доступ да любога кшталту патрэбнай яму мэдычнай дапамогі, а ягоныя ўмовы ўтрыманьня ў турме не павінны ўплываць на ягонае здароўе.

Як паведамляе humanrightshouse.org, Фундацыя Дамоў правоў чалавека (HRHF) падтрымала даклад Рабочай групы па адвольных затрыманьнях, у тым ліку рашэньне, прынятае ў жніўні 2012 году па справе Алеся Бяляцкага. Як паказала Рабочая група ў сваім дакладзе, паняцьце «адвольнае затрыманьне” у шырокім сэнсе слова можа ўзьнікаць з самога заканадаўства альбо з канкрэтных паводзінаў дзяржаўных службовых асобаў. Утрыманьне пад вартай, нават калі яно дазволенае законам, усё яшчэ можа лічыцца адвольным, калі яно грунтуецца на адвольным заканадаўчым акце альбо першапачаткова несправядлівае ды ўгрунтаванае, напрыклад, на дыскрымінацыйных падставах.

У жніўні 2011 году Алесь Бяляцкі быў арыштаваны па абвінавачваньні ва “ўтойваньні прыбытку ў асабліва буйных памерах” па артыкуле 243, частцы 2, Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. 24 лістападу, пасьля амаль чатырох месяцаў папярэдняга зьняволеньня, Менскі Першамайскі раённы суд прысудзіў яго да чатырох з паловай гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах строгага рэжыму, з канфіскацыяй маёмасьці – у тым ліку памяшканьняў, якiя выкарыстоўваюцца для ягонай арганізацыі, Праваабарончага Цэнтру “Вясна” – і да штрафу ў памеры 757’526’717 беларускіх рублёў (каля 70’000 эўра).

24 студзеня 2012 году Менскі гарадзкі суд пацьвердзіў прысуд па апэляцыі, пасьля таго, як усе хадайніцтвы, пададзеныя адвакатамі Алеся Бяляцкага былі адхіленыя. 29 сакавіка 2012 году, той жа суд вынес новае рашэньне, загадаўшы Бяляцкаму заплаціць дадатковую суму 140’366’151 беларускіх рублёў (каля 12’700 эўра) штрафу ў дадатак да папярэдніх штрафаў, якія ўжо былі выплачаныя ў студзені 2012 году, у сувязі зь меркаванай несвоечасовай выплатай запазычанасьці.

Паводле інфармацыі, атрыманай ад нашых партнэраў, правы Алеся Бяляцкага на прыём наведвальнікаў і харчовыя пасылкі былі строга абмежаваныя. Сьледствам гэтых ды іншых мер, прынятых супраць яго падчас ягонага заключэньня зьяўляецца сур’ёзнае пагаршэньне здароўя Алеся Бяляцкага. Улады Беларусі нясуць адказнасьць у адпаведнасьці зь міжнародным правам, уключаючы артыкулы 6 і 10 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, за тое, каб ніхто пад вартай не сутыкнуўся з пагаршэньнем здароўя. Мы лічым, што ўлады Беларусі адказныя за пагаршэньне стану здароўя Алеся Бяляцкага, пакуль ён знаходзіцца ў зьняволеньні. Насуперак таму, што сьцьвярджалася Пастаянным прадстаўніцтвам Беларусі ў вусным выступленьні ад 3 снежня 2012 г., парушэньні, учыненыя Алесем Бяляцкім зьяўляюцца наўпростым сьледзтвам адмовы ў рэгістрацыі “Вясны”, што ёсьць наўпростым парушэньнем поглядаў выказаных КПЧ ААН.

Рабочая група таксама падкрэслівае, што крымінальная адказнасьць ня можа быць заснаваная на папярэдняй меры ўраду адмяніць рэгістрацыю й распусьціць няўрадавую арганізацыю “Вясна”, якая парушае артыкул 20, пункту 1 Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека ды Артыкул 22 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГіПП).

Паводле licviny.info,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА

Цэтлікі: , , , ,

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>