2013 12/03

Амаль два дзясяткі гадоў прайшло з моманту як беларусы атрымалі права падаваць індывідуальныя скаргі ў Камітэт па правах чалавека, аднак беларускі ўрад да гэтага часу адмаўляецца выконваць рашэньні, якія прымаюцца ў ААН па скаргах беларускіх грамадзянаў. Сваім бачаньнем праблемы напярэдадні Дня Беларускай Канстытуцыі дзяліцца прафэсыйны юрыст, кіраўнік “Гомельскага Цэнтру стратэгічнае цяжбы”, праваабаронца Леанід Судаленка.

Як часта беларусы скардзяцца ў ААН?

Леанід Судаленка: На сёньняшні дзень Камітэт па правах чалавека зарэгістраваў каля 150 індывідуальных паведамленьняў беларускіх грамадзянаў, якія заявілі ў адпаведнасьці з артыкулам 61 Канстытуцыі аб парушэньні сваіх правоў і свабодаў. У дачыненьні да 43 зь іх устаноўлены факты парушэньня правоў, гарантаваных беларусам Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, нязначная частка справаў была спыненая ў сувязі з згубленымі кантактамі з аўтарамі, астатнія справы чакаюць сваёй чаргі на разгляд.

Што адбываецца пасьля прыняцьця рашэньня?

Леанід Судаленка: Камітэт па правах чалавека накіроўвае тэкст прынятага рашэньня непасрэдна самому аўтару і ўраду краіны, паказваючы, якія крокі павінен рабіць урад у дачыненьні да прынятага рашэньня. Як правіла, рашэньне ўтрымлівае патрабаваньні індывідуальнага й агульнага характару. У якасьці выкананьня індывідуальных мер урад, напрыклад, абавязаны аднавіць аўтара ў правах, даць эфэктыўныя сродкі праўнай абароны, выплаціць кампэнсацыі, пакрыць аўтару панесеныя па справе выдаткі. Часта па крымінальных справах Камітэт па правах чалавека патрабуе вызваліць аўтара з-пад варты й правесьці новае судовае разьбіральніцтва. Мерамі агульнага характару могуць зьяўляцца патрабаваньні прыцягнуць вінаватых у парушэньнях асобаў да адказнасьці, неабходнасьць зьмены нацыянальнага заканадаўства, крокі па недапушчэньні аналягічных парушэньняў у будучыні. Акрамя таго, ўрад заўжды абавязаны апублікаваць прынятае рашэньне на дзяржаўнай мове ў прэсе, а таксама на працягу шасьці месяцаў паведаміць аб прынятых мерах.

Як урад Беларусі рэагуе на рашэньні, што прымаюцца ў ААН?

Леанід Судаленка: Да гэтага часу ні адно з прынятых Камітэтам па правах чалавека рашэньняў не выканана нашай краінай у добраахвотным парадку як у дачыненні да індывідуальных мер, гэтак і ў дачыненьні да мер агульнага характару. Прызнаныя ахвяры парушэньняў не атрымліваюць кампэнсацыяў, урад краіны не рэагуе на патрабаваньні аб неабходнасьці зьмены нацыянальнага заканадаўства, адмаўляецца публікаваць прынятыя ў дачыненьні да яе грамадзянаў рашэньні, а таксама ня робіць крокаў па недапушчэньні аналягічных парушэньняў у будучыні.

Афіцыйная перапіска па гэтым пытаньні зь дзяржаўнымі ворганамі паказвае, што беларускія чыноўнікі лічаць прынятыя ў ААН рашэньні як тыя, якія носяць рэкамэндацыйны характар. Адказваючы на ​​адзін з запытаў аб неабходнасьці выкананьня прынятых на міжнародным роўні рашэньняў, першы намесьнік міністру замежных справаў адзначыў, што гэтыя рашэньні для чыноўнікаў носяць рэкамэндацыйны характар ​​і не накладаюць на краіну абавязальніцтваў па іхным выкананьні.

Так можа так яно й павінна быць, а скардзіцца беларусам ніхто ж не забараняе?

Леанід Судаленка: У гэтай сувязі дарэчы ўспомніць адно з рашэньняў Канстытуцыйнага Суду Расейскай Фэдэрацыі, прынятае ў мінулым годзе па скарзе расейца Андрэя Харашэнкі. Вышэйшы судовы ворган краіны падкрэсьліў, што ніхто не вызваляе Расею ад добрасумленнага ды адказнага выкананьня прынятых Камітэтам па правах чалавека рашэньняў. «Іншае ня толькі ставіла б пад сумнеў выкананьне Расеяй добраахвотна прынятых на сябе міжнародных абавязальніцтваў, але й сьведчыла б аб невыкананьні абавязкаў прызнаваць і гарантаваць правы й свабоды чалавека ды грамадзяніна, а таксама рабіла бы безсэнсоўным права кожнага зьвяртацца ў Камітэт па правах чалавека», – так лічаць судзьдзі Канстытуцыйнага Суду нашага бліжэйшага саюзьніка.

Нашу краіну ніхто не вызваляў і нішто не вызваляе ад добрасумленнага ды адказнага выкананьня прынятых Камітэтам па правах чалавека рашэньняў. У адваротным выпадку робяцца безсэнсоўнымі правы, гарантаваныя кожнаму беларускаму грамадзяніну артыкулам 61 Канстытуцыі, у адпаведнасьці зь якой мы маем права абараняць свае правы й свабоды на міжнародным роўні. Адмаўляючыся выконваць рашэньні Камітэту па правах чалавека, ўрад адмаўляецца прызнаваць канстытуцыйныя правы й свабоды грамадзянаў.

У наступным годзе нашай Канстытуцыі спаўняецца два дзясяткі гадоў і мне як патрыёту сваёй краіны вельмі сумна канстатаваць той факт, што некаторыя канстытуцыйныя гарантыі прамога дзеяньня ў нашай краіне зьяўляюцца «соннымі». Калі грамадзянін на ўзроўні Асноўнага Закону надзелены правам на міжнародную абарону сваіх правоў, урад абавязаны распачаць усе неабходныя крокі, уключаючы крокі па распрацоўцы нутраных мэханізмаў, скіраваных на добрасумленнае й адказнае выкананьне прынятых Камітэтам па правах чалавека рашэньняў.

А ці ёсьць у Беларусі спэцыяльнае для выкананьня такіх рашэньняў заканадаўства?

Леанід Судаленка: Кожная краіна па-свойму выконвае рашэньні, якія прымаюцца на міжнародным роўні. Украіна прыняла адмысловы Закон, накіраваны на выкананьне рашэньняў міжнародных інстанцыяў, з прыходам новага ўраду аналягічны Закон быў распрацаваны і ў Кыргызстане. У Расеі выкананьне ажыцьцяўляецца праз працэсуальнае заканадаўства. Нашай краіне «вынаходзіць ровар» не патрабуецца, як гаварыцца было б жаданьне.

У артыкуле 8 Канстытуцыі нашай краіны замацаванае палажэньне, згодна зь якім Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права й забясьпечвае адпаведнасьць ім заканадаўства. Прызнаньне краінай прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права на практыцы павінна вызначаць разьвіцьцё ў гэтым напрамку ўсёй праўнай сыстэмы ў цэлым.

Міжнародныя дамовы падлягаюць добрасумленнаму выкананню Рэспублікай Беларусь у адпаведнасьці з міжнародным правам, так прапісана ў нацыянальным Законе аб міжнародных дамовах. Адной з ратыфікаваных міжнародных дамоваў нашай краіны зьяўляецца Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, паводле якога Беларусь выступіла ў якасьці самастойнага боку міжнароднай дамовы й выказала згоду на абавязковасьць для яе нормаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Пры гэтым, Рэспубліка Беларусь, зьяўляючыся самастойным удзельнікам міжнароднай дамовы, у сілу Венскай Канвэнцыі аб праве міжнародных дамоваў ня можа спасылацца на палажэньні свайго нутранага права ў якасьці апраўданьня для невыкананьня заключанай дамовы.

Як бачым, дастаткова ў працэсуальныя кодэксы ўнесьці дапаўненьні аб прыярытэце рашэньняў Камітэту па правах чалавека ААН над рашэньнямі нацыянальных судоў без прымяненьня тэрмінаў даўніны і ўсё, справа зрушыцца зь мёртвай кропкі. Наступным крокам можа быць і прыняцьце спэцыяльнага закону, аднак падкрэсьліваю, ўнясеньне дапаўненьняў ва ўжо дзейснае заканадаўства здольна паскорыць гэтыя крокі.

Зьявілася інфармацыя аб стварэньні ў Беларусі з Вашым удзелам арганізацыі, якая будзе займацца праблемай невыкананьня рашэньняў Камітэту па правах чалавека.

Леанід Судаленка: З кожным годам у Беларусі зьяўляецца ўсё больш і больш прызнаных Камітэтам па правах чалавека ахвяраў парушэньняў з боку дзяржавы грамадзянскіх і палітычных правоў. Напрыклад, наша арганізацыя выйшла на той ровень, калі за мінулы год Камітэт па правах чалавека прыняў 5 новых рашэньняў па скаргах жыхароў гомельскага рэгіёну, 9 новых паведамленьняў атрымалі рэгістрацыю й накіраваныя ўраду для камунікацыі.

Іншымі словамі, пытаньне аб выкананьні прынятых рашэньняў з кожным днём будзе гучаць усё гучней і гучней. У нас сапраўды нарадзілася ідэя стварыць рэспубліканскую арганізацыю, якая будзе займацца выключна пытаньнямі выкананьня на тэрыторыі Беларусі прынятых у Камітэце па правах чалавека рашэньняў. Мы бачым яе як пляцоўку, на якой будзе йсьці дыялог па гэтым пытаньні, у тым ліку і з урадам краіны. У склад арганізацыі мы прапануем ўвайсьці ўсім, хто атрымаў перамогу на міжнародным роўні, а так жа ўсім, хто піша ў Камітэт па правах чалавека скаргі й людзям, што падзяляюць гэтую пазыцыю.

У любой краіне аб’яднаньне людзей адбываецца там, дзе ўрад не заўважае праблемы, калі аб праблеме маўчаць, вядома, яна ніколі не ссунецца з мёртвай кропкі.

Паводле gomelspring.org,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
by.prava-by.info

Цэтлікі: , , , , ,

One thought on “Судаленка: адмаўляючыся выконваць рашэньні Камітэту па правах чалавека, ўрад адмаўляецца прызнаваць канстытуцыйныя правы й свабоды грамадзянаў”

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>