2013 19/03

Фота: naviny.by

Цэнтар праўнай трансфармацыі накіраваў у Камісыю па правах чалавека для азнаямленьня й прыняцьця да ведама прапановы па зьменах закону аб грамадзкіх аб’яднаньнях. Аднак рабочая група парлямэнту вырашыла, што ўлічваць меркаваньне НДА немэтазгодна.

Прывядзём некаторыя прапановы Lawtrend, прыведзеныя ў лісьце да заканадаўцаў:

1. Урэгуляваньне пытаньняў стварэньня й рэгістрацыі адзьдзяленьняў міжнародных грамадзкіх аб’яднаньняў, створаных на тэрыторыі замежных дзяржаваў.

У цяперашні час праблемным момантам законапраекту застаецца тое, што ён так і не дае поўнага ўяўленьня аб працэсе стварэньня адзьдзяленьня грамадзкага аб’яднаньня, створанага на тэрыторыi замежнай дзяржавы, што не забясьпечвае аднастайнага тлумачэньня дадзенага працэсу рэгіструючым ворганам і заснавальнікамі.

У сувязі з гэтым наяўнасьць у Законе Рэспублікі Беларусь “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях” палажэньня аб стварэньні адзьдзяленьняў «міжнародных грамадзкіх аб’яднаньняў, створаных на тэрыторыi замежнай дзяржавы» робіць немагчымым стварэньне адзьдзяленьняў аб’яднаньнямі тых краінаў, у заканадаўстве якіх адсутнічае паняцьце «міжнароднае грамадзкае аб’яднаньне».

Прапанова Lawtrend: Змяніць фармулёўку «адзьдзяленьне міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня, створанага на тэрыторыi замежнай дзяржавы», на «адзьдзяленьне некамэрцыйнай арганізацыі, створанай на тэрыторыі замежнай дзяржавы» альбо «адзьдзяленьне некамэрцыйнай арганізацыі, заснаванай на прынцыпе сяброўства, створанай на тэрыторыі замежнай дзяржавы».

2. Зьмена патрабаваньняў да колькаснага складу заснавальнікаў грамадзкіх аб’яднаньняў.

У заканадаўстве большасьці эўрапейскіх краінаў для стварэньня сяброўскай некамэрцыйнай арганізацыі мінімальная колькасьць заснавальнікаў, неабходных для заснаваньня арганізацыі, звычайна складае 2-3 чалавекі, як, напрыклад, у Нідэрляндах, Францыі, Фінляндыі. Асноўныя прынцыпы статусу няўрадавых арганізацыяў у Эўропе прадугледжваюць, што дзьве й больш асобы маюць права засноўваць НДА на прынцыпе сяброўства.

Прапанова Lawtrend: Вярнуцца да рэдакцыі Закону Рэспублікі Беларусь да 29 лістапада 1999 году ды ўсталяваць мінімальную колькасьць заснавальнікаў для стварэньня грамадзкага аб’яднаньня – 10 чалавек. Таксама прапаноўваецца выключыць дыскрымінуючую норму, якая вызначае, што колькасьць заснавальнікаў для стварэньня й дзейнасьці асобных відаў грамадзкіх аб’яднаньняў можа вызначацца адмысловымі законамі аб адпаведных відах грамадзкіх аб’яднаньняў.

3. Спрашчэньне працэдуры ліквідацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, выключэньні з журнала ўліку іхных арганізацыйных структураў.

Негатыўнай нормай зьяўляецца чарговае павелічэньне падставаў для вынясеньня рашэньня аб ліквідацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, іхных саюзаў.

Прапанова Lawtrend: Падставы для адмоваў у рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў неабходна скарачаць, а не пашыраць.

4. Скарачэньне колькасьці дакумэнтаў, што прадстаўляюцца для рэгістрацыі аб’яднаньня.

5. Выключэньне з арт.20 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях» палажэньня аб абмежаваньні права грамадзкага аб’яднаньня займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю толькі шляхам стварэньня камэрцыйных арганізацыяў альбо ўдзелу ў іх.

6. Рэглямэнтаваньне парадку правядзеньня праверак грамадзкіх аб’яднаньняў рэгіструюць ворганамі па аналёгіі з камэрцыйнымі арганізацыямі.

У адказе Нацыянальнага сходу адзначаецца, што прапановы Lawtrend па законапраекце былі дэталёва прапрацаваныя на пасяджэньні рабочай групы з удзелам прадстаўнікоў шэрагу дзяржаўных ворганаў, таксама выпрацаваны рэкамэндацыі. Аднак рабочай групай было прынята рашэньне аб немэтазгоднасьці карэкціроўкі праекту закона з улікам прапановаў Цэнтру праўнай трансфармацыі.

Паводле lawtrend.org ,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>