2013 19/03
...

Віцебскія актывісты ўжо які раз спрабавалі выканаць рашэньне гарвыканкаму “Аб правядзеньні масавых мэрапрыемствах у г.Віцебску”. Згодна зь ім, заяўнікі масавых акцыяў мусяць заключыць дамовы на абслугоўваньне з ЖКГ, паліклінікай і міліцыяй. Але гэтыя структуры адмаўляюцца супрацоўнічаць з апазыцыянэрамі, і Кастрычніцкі райсуд пацьвердзіў: рашэньне гарвыканкаму дазваляе дзяржаўным структурам ухіліцца ад дамоваў.

Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Ігар Рымша вырашыў пакінуць без задавальненьня скаргу Хрыстафора Жаляпава, кіраўніка абласной структуры руху “За Свабоду” – той зьвярнуўся ў суд, каб змусіць цэнтральную гарадзкую паліклініку заключыць дамовы на абслугоўваньне мітынгу 25 сакавіка.

Галоўны лекар мэдычнай установы спаслаўся на загружанасьць лекараў “падчас піку сэзонных захворваньняў”, і адмовіў заяўнікам у мітынгу. Гэта й сталася прычынаю звароту ў суд. Працэс паводле скаргі Хрыстафора Жаляпава йшоў два дні, і 14 сакавіка было агучана рашэньне.

Актывістам было заяўлена, што нязгода заключыць зь імі дамову на абслугоўваньне – гэта права адміністрацыі дзяржаўных установаў.

“А як нашы правы, гарантаваныя артыкулам №35 Канстытуцыі? Пра тое, што грамадзяне маюць права на правядзеньне масавых акцыяў? Атрымліваецца, што гарвыканкам патрабуе ад нас дамоваў, заяўнікі масавых імпрэзаў мусяць іх прадаставіць, але дзяржаўных установаў рашэньне ўладаў нібыта й не датычыцца. Мы – абавязаныя, а яны – не. Суд вырашыў, што ад іх нельга патрабаваць выкананьня рашэньня гарвыканкаму, бо там не напісана “установы абавязаныя”… Значыць, гэтае рашэньне складзенае такім чынам, што парушаюцца нашыя правы”, – кажа Хрыстафор Жаляпаў.

Аляксей Гаўруцікаў, другі заяўнік мітынгу, замоўленага на 25 сакавіка ў Парку 30-годзьдзя ВЛКСМ, называе судовае рашэньне “падарункам” да Дня Канстытуцыі:

“Якраз 15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі, суд агучыў рашэньне, згодна зь якім нашыя правы парушаюцца на законнай падставе. Рашэньне гарваканкаму №881 “Аб правядзеньні масавых акцыяў у г.Віцебску” абмяжоўвае нашыя правы, бо яго немагчыма выканаць. Ужо тры гады мы спрабуем атрымаць дазвол на акцыі, але нам яго не даюць, бо мы ня можам дамовіцца то зь міліцыяй, то з мэдыкамі. Нам адмаўляюць па самых розных, часам сьмешных прычынах, а цяпер яшчэ і суд заявіў, што адмаўляць нам могуць бясконца… Што застаецца? Будзем зьбіраць дакумэнты, каб змусіць гарвыканкам унесьці зьмены ва ўласнае рашэньне”.

Спробы патрабаваць зьменаў у рашэньні №881 ужо прадпрымаліся. Але з гарвыканкаму прыходзілі адказы, што гэты дакумэнт прайшоў юрыдычную экспэртызу ды ўнесены ў рэестар дзяржаўных актыў, – значыцца, ён складзены бездакорна. Цяпер актывісты хочуць сабраць дакумэнты, якія сьведчаць пра парушэньне іхных правоў, і накіраваць іх у Камітэт па правах чалавека ААН.

Віцебскія чыноўнікі ня толькі прынялі невыканальнае рашэньне. Яны самі парушылі заканадаўства аб масавых акцыях. У некаторых іншых гарадах мясцовыя ўлады спачатку вырашаюць, ці дазволіць масавае мерапрыемства, а толькі потым патрабуюць дамоваў на абслугоўваньне. А Віцебскі гарвыканкам вырашыў стварыць штучныя перашкоды, каб зрабіць правядзеньне масавых мерапрыемстваў немагчымым у прынцыпе.

Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
паводле vitebskspring.org,
licviny.info

Цэтлікі: , ,

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>