Праваабаронца Сяргей Гоўша 3 красавіка накіраваў наглядную скаргу Генэральнаму Пракурору на вызначэньне судзьдзі Маскоўскага р-на Менску ад траўня 2010 году й вызначэньне судовай калегіі па грамадзянскіх справах Менскага гарадзкога суду ад 5 жніўня таго ж году.
У ёй паведамляецца, што 14 мая 2010 г. у адпаведнасьці з ч.2 арт 60 Канстытуцыі Беларусі Сяргей Гоўша зьвярнуўся ў суд Маскоўскага раёну г. Менску з іскавай заявай да дзяржавы аб кампэнсацыі маральнае шкоды. Аднак вызначэньнем судзьдзі ад 31 траўня праваабаронцу было адмоўлена ва ўзбуджэньні грамадзянскай справы з тае прычыны, што, на думку судзьдзі, ягоная іскавая заява непадведамасна суду.
Не пагадзіўшыся з вышэйзгаданым вызначэньнем, 15 чэрвеня 2010 году Сяргей Гоўша зьвярнуўся ў судовую калегію Менскага гарадзкога суду з прыватнай скаргай, у якой прасіў вызначэньне судзьдзі суду Маскоўскага раёну г. Менску адмяніць і перадаць справу на разгляд у суд першай інстанцыі. Але вызначэньнем судовай калегіі Менскага гарадзкога суду ад 5 жніўня ў задавальненьні скаргі Сяргею Гоўшы было адмоўлена з той жа прычыны.
“Але чаму, на падставе якога заканадаўчага акту, было вынесенае такое неаб’ектыўнае рашэньне?” – пытаецца ў Генэральнага Пракурора правабаронца Сяргей Гоўша.
Аналягічны адказ ён атрымаў 30 сьнежня 2010г. і ад старшыні Менскага гарадзкога суду, на імя якога праваабаронца зьвярнуўся з нагляднай скаргай.
У сваёй скарзе на імя Генэральнага Пракурора Сяргей Гоўша прыводзіць свае доказы, што судовыя пастановы ад 31 траўня 2010г. і ад 5 жніўня 2010г. былі прынятыя з істотным парушэньнем дзейснага заканадаўства.
Сяргей Гоўша даводзіць Генэральнаму пракурору, што згодна ч.1 арт. 60 Канстытуцыі Беларусі кожнаму гарантуецца абарона ягоных правоў і свабодаў кампэтэнтным, незалежным і неперадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны. Зыходзячы з гэтай канстытуцыйнай нормы Канстытуцыйны Суд Беларусі ў сваіх рашэньнях (у прыватнасьці – у Рашэньні ад 5 красавіка 2007 г.), а таксама ў штогадовых пасланьнях аб стане канстытуцыйнай законнасьці ў Рэспубліцы Беларусь неаднаразова зьвяртаў увагу на наўпростае дзеяньне ч.1 арт. 60 Канстытуцыі.
“Гэта азначае, – лічыць Сяргей Гоўша, – што калі нават нейкім, не згаданым у судовых пастановах, актам заканадаўства яго іскавая заява выведзена з падведамаснасьці суду, то суд, зыходзячы з вышэйзгаданых нормаў Канстытуцыі, у любым выпадку павінен узбудзіць і разгледзець справу па сутнасці ды паставіць ва ўстаноўленным парадку пытаньне аб прызнаньні такога акту неканстытуцыйным (арт. 112 Канстытуцыі). І з пазыцыі міжнароднага права (у прыватнасьці, арт. 14 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і арт. 33 Закона “Аб міжнародных дамовах Рэспублікі Беларусь”) пададзеная мною іскавая заява падведамасна суду, а судовыя пастановы, якімі адмоўлена ва ўзбуджэньні грамадянскай справы, парушаюць маё права на доступ да суду”, – падсумаваў праваабаронца Сяргей Гоўша.
Зыходзячы з вышэй выкладзенага і кіруючыся арт.арт. 21, 59, 60 Канстытуцыі РБ, арт.арт. 436 – 439 ГПК Сяргей Гоўша просіць: запатрабаваць з суду Маскоўскага раёна Менску справу па ягонай іскавай заяве аб кампэнсацыі маральнай шкоды, праверыць законнасьць і абгрунтаванасьць вынесеных па ёй судовых пастановаў – вызначэньне судзьдзі Маскоўскага раёна Менску ад 31 траўня 2010г. і вызначэньне судовай калегіі па грамадзянскіх справах Менскага гарадзкога суду ад 5 жніўня 2010 г. і прынесьці пратэст у парадку нагляду для іхнай адмены і ўрэшце вынесьці рашэньне на падставе Канстытуцыі ды міжнародна-праўных актаў, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь.
Паводле spring96.org,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
by.prava-by.info
Фота: Аляксей Лапіцкі
Цэтлікі: звароты, парушэньні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, праваабаронцы