2013 09/04

Павал Левінаў, Віцебск

Камітэтам па правох чалавека ААН за № 2235/2013 і № 2236/2013 зарэгістраваныя два новых зварота праваабаронцы Паўла Левінава. У гэтых зваротах Павал Левінаў просіць Камітэт прызнаць Рэспубліку Беларусь парушальніцай шэрагу артыкулаў Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Падзеі, якія спрычыніліся да падачы чарговых скаргаў у КПЧ, адбыліся летам 2012 году. 3 чэрвеня Павал Левінаў даслаў заявы на адрас кіраўнікоў адміністрацыяў Першамайскага, Кастрычніцкага ды Чыгуначнага раёнаў Віцебску аб правядзеньні 26 чэрвеня ў кожным з раёнаў гораду пікетаў, прымеркаваных да міжнароднага дня ў падтрымку ахвяраў катаваньняў. Ня гледзячы на тое, што ў пікетах мусіў узяць удзел толькі адзін чалавек, улады пікеты забаранілі.

1 жніўня праваабаронца зрабіў яшчэ адну спробу скарыстацца сваім правам, гарантаваным Канстытуцыяй, на свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацыяў і пікетаваньняў. Была пададзеная заяўка ў адміністрацыю Першамайскага раёну на правядзеньне пікету 20 жніўня з мэтай інфармаваньня выбаршчыкаў аб фармаваньні ўчастковай выбарчай камісыі. Гэты пікет быў таксама забаронены.

На думку Паўла Левінава, улады, пазбавіўшы яго магчымасьці правесьці згаданыя акцыі, парушылі ня толькі Канстытуцыю, але й нормы, выкладзеныя ў Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах, у прыватнасьці частку 2 артыкулу 19 і артыкул 21 – гэтыя артыкулы гарантуюць права на выказваньне сваіх думак і распаўсюд інфармацыі ды права на мірныя сходы.

Праваабаронца спрабаваў абскардзіць забарону на правядзеньне пікетаў у судах, але безвынікова. Такім чынам, на думку Паўла Левінава, быў парушаны таксама артыкул 14 пакту, які абвяшчае, што «кожны чалавек мае права на справядлівы й публічны разгляд справы кампэтэнтным, незалежным і бесстароньнім судом, створаным паводле закону». «У гэтым выпадку суды не былі кампэтэнтнымі, незалежнымі й бесстароньнімі, бо яны зусім відавочна прыймалі рашэньні насуперак міжнародным абавязальніцтвам Рэспублікі Беларусь, а таксама знаходзіліся пад уплывам выканаўчай улады», – мяркуе віцебскі праваабаронца.

Нагадаем, раней Павал Левінаў ужо ня раз зьвяртаўся ў Камітэт па правах чалавека па аналягічных справах. Так, камітэтам на 105-й сэсыі ў ліпені 2012 году было прынятае рашэньне адразу па дзевяці паведамленьнях праваабаронцы. Згодна з гэтым рашэньнем, Беларусь, забараніўшы праваабаронцу вольна распаўсюджваць інфармацыю ды ідэі праз пікетаваньне, парушыла частку 2 артыкулу 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

«Дзяржава-удзельніца мусіць таксама забясьпечыць, каб гэткія парушэньні не паўтараліся ў будучыні», – настойвае КПЧ ААН у сваім рашэньні. Але, выглядае, пастановы міжнароднага кампэтэнтнага воргану беларускім уладам ня ўказ: яны далей гнуць сваю лінію і працягваюць перашкаджаць грамадзянам рэалізоўваць іхныя правы, прадугледжаныя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Паводле Віцебская Вясна,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
by.prava-by.info

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>