2013 03/05

Спэцыяльны дакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі Міклаш Харашці апублікаваў сваю першую справаздачу па сытуацыі з выкананьнем правоў чалавека ў краіне. Дакумэнт быў падрыхтваны ў межах мандату, зацьверджанага Радай ААН па правах чалавека, і прадстаўлены Радзе 18 красавіка.

Паводле адзнакі спадара Харашці, правы чалавека застаюцца сыстэматычна абмежаванымі, асабліва ў выпадках свабоды асацыяцыяў, сходаў і выказваньняў думак, а таксама ў гарантыях належнага вядзеньня судовага працэсу ды справядлівага суду. Спэцдакладчык канстатуе цэнтралізацыю заканадаўчай і выканаўчай уладаў вакол апарата Лукашэнкі.

Міклаша Харашці турбуе адсутнасьць верхавенства закону ў Беларусі, у прыватнасьці ў дачыненьні да працэсуальных гарантыяў, якія прадугледжаныя 14 артыкулам Міжнароднага Пакту па Грамадзянскіх і Палітычных Правах. Шматлікія сустрэчы з праваабаронцамі ды ахвярамі парушэньняў правоў чалавека адлюстроўваюць недавер да юрыдычнай сыстэмы. Гэтаксама няма веры ў тое, што юрыдычная сыстэма можа стацца гарантам правоў у сытуацыях, калі гэта супярэчыць інтарэсам уладаў.

Структурны характар мае той факт, што распаўсюджаныя парушэньні правоў чалавека застаюцца без належнай увагі, і падкрэсліваецца гэта цэнтралізацыяй заканадаўчай і выканаўчай улады вакол адміністрацыі прэзыдэнта. Дэкрэты Лукашэнкі выкарыстоўваюцца як асноўныя і, фактычна, маюць найвышэйшую юрыдычную сілу ў заканадаўчым мэханізме краіны.

Больш канкрэтна Спэцдакладчык зьвяртаецца ў сваім дакладзе да наступных пытаньняў:

1. Права на жыцьцё й сьмяротнае пакараньне;
2. Гвалтоўныя зьнікненьні;
3. Турэмныя ўмовы, катаваньне ды іншыя лютасьці, нечалавечае стаўленьне альбо стаўленьне, якое зьневажае чалавечую годнасьць;
4. Стаўленьне да палітычных апанэнтаў, праваабаронцаў і актывістаў;
5. Незалежнасьць судзьдзяў і адвакатаў;
6. Свабодны суд;
7. Адвольныя затрыманьні й прысуды;
8. Свабода выказваньняў і меркаваньняў;
9. Свабода мірных сходаў;
10. Свабода асацыяцыяў і абаронцаў правоў чалавека;
11. Дыскрымінацыя;
12. Стаўленьне да ЛГБТ-асобаў;
13. Працоўныя правы ды прафсаюзы;
14. Выбары.

У разьдзеле, які датычыцца свабоды асацыяцыяў і праваабаронцаў, Спэцдакладчык адзначае, што ўнесеныя апошнім часам і заплянаваныя зьмены ў заканадаўства, нягледзячы на наяўнасьць асобных пазытыўных нормаў, у цэлым не палепшылі стану грамадзкіх аб’яднаньняў. Спэцдакладчык зьвяртае ўвагу на ўведзеную 24 студзеня 2013 года дэкрэтам прэзыдэнта магчымасьць ліквідацыі ўстановаў і асацыяцыяў у сувязі з пастаноўкай іх кіраўнікоў на прафіляктычны ўлік, працэдура якога застаецца нявызначанай і суб’ектыўнай.

Асабліва адзначаецца ціск на правабарончыя арганізацыі, у тым ліку ў выглядзе судовай ліквідацыі праваабарончай арганізацыі “Плятформа” і канфіскацыі памяшканьня Праваабарончага цэнтру “Вясна”.

У дакумэнце ўтрымліваюцца і рэкамэндацыі па паляпшэньні выкананьня правоў чалавека ў Беларусі. Сярод іншага, спэцыяльны дакладчык рэкамэндуе ўнесьці зьмены ў заканадаўства і практыку дзеля забесьпячэньня таго, каб грамадзкія аб’яднаньні маглі стварацца праз працэдуру, якая зьяўляецца простай, лёгка даступнай, недыскрымінацыйнай, неабцяжарваючай альбо бясплатнай.

Нагадаем, Мандат спэцдакладчыка па Беларусі быў заснаваны Радай па правах чалавека ААН 5 ліпеня 2012 году, а ў верасьні на гэтую пасаду быў прызначаны прадстаўнік Вугоршчыны Міклаш Харасці. Па выніках сваёй дзейнасьці ён прадставіць справаздачы аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Радзе ААН па правах чалавека і Генэральнай Асамблеі ААН. Аднак беларускія ўлады адмаўляюцца ад супрацоўніцтва са спэцдакладчыкам. Сп. Харашці так і не атрымаў магчымасьці наведаць Беларусь, каб вывучыць сытуацыю на месцы і ў тым ліку сустрэцца з афіцыйнымі асобамі дзяржавы: беларускія ўлады адмовілі яму ў візе.

Даклад на ангельскай мове можна атрымаць - ТУТ

Паводле http://belngo.info і праўнай разсылкі ILIA Follow-up Belarus,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
by.prava-by.info

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>