2013 15/05

...Спэцыяльны дакладчык ААН па праве на свабоду мірных сходаў і асацыяцыяў спадар Майна Кіаі апублікаваў сваю другую тэматычную справаздачу, якая будзе прадстаўленая на сэсіі Савету ААН па правах чалавека ў траўні. У ёй асаблівая ўвага надаецца пытаньню фінансаваньня дзейнасьці арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці. Наступная справаздача, якая рыхтуецца, будзе прысьвечаная свабодзе сходаў і асацыяцыяў у кантэксьце выбараў.

У дакладзе ён зьвяртае асаблівую ўвагу на здольнасьць арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці шукаць, абараняць і выкарыстоўваць фінансавыя рэсурсы як ад міжнародных ды замежных, так і ад нутраных крыніцаў. У дакладзе таксама прыводзяцца практычныя кіруючыя прынцыпы для садзейнічаньня рэалізацыі свабоды мірных сходаў. Гэты дакумэнт – ужо другі штогадовы даклад, які спэцдакладчык робіць у межах свайго мандата.

У разьдзелах I і II дакладу Спэцыяльны дакладчык дае агляд сваёй дзейнасьці за пэрыяд з 1 траўня 2012 году па 28 лютага 2013 году. Агулам ім за гэты час было падрыхтавана 170 паведамленьняў і заяваў. Спэцыяльны дакладчык зьдзейсьніў паездку з 14 па 23 студзеня 2013 году ў Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірляндыі. Ён выказвае падзяку ўраду Злучанага Каралеўства за ўзорнае супрацоўніцтва са спэцдакладчыкам у часе ягонага візыту. Акрамя таго, ён падзякаваў Азэрбайджану, Чылі, Гватэмале, Гандурасу, Кыргызстану, Мальдывам, Руандзе і Тунісу за накіраваныя запрашэньні да яго і спадзяецца наведаць гэтыя краіны неўзабаве.

У разьдзелах III і IV, якія складаюць асноўную зьмястоўную частку справаздачы, Спэцыяльны дакладчык разглядае два пытаньні, якія на ягоную думку, адныя з найбольш значных дзеля ягонага мандату – фінансаваньне асацыяцыяў і
правядзеньне мірных сходаў. Спэцыяльны дакладчык выкладае свае высновы й рэкамэндацыі датычна гэтых пытаньняў у раздзеле V.

Праваабаронцы высока ацэньваюць актуальнасьць і зьмест даклада Майна Кіаі.

Мы высока ацэньваем гэтую наватарскую працу Спэцыяльнага дакладчыка. Гэта выключна важная справаздача, якая ўтрымлівае дакладнае фармуляваньне набору міжнародных нормаў, што абараняюць права арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, шукаць, атрымліваць і выкарыстоўваць рэсурсы ад міжнародных і замежных крыніцаў, – сказаў прэзыдэнт Міжнароднага цэнтру некамэрцыйнага права Даглас Ротзэн.

- Гэта выключна важны й сваечасовы дакумэнт. Спэцыяльны дакладчык зьвяртаецца да вельмі актуальнай тэмы. Цяпер ва ўсім сьвеце абмежаваньні фінансавай дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў, у тым ліку атрыманьня замежных ахвяраваньняў, робяцца адным з асноўных сродкаў дзеля таго, каб зьменьшыць прастору для рэалізацыі свабоды асацыяцыяў. Асабліва актуальна гэта для поставецкіх краінаў: у Азэрбайджане і Расеі менавіта цяпер адбываецца наступ на права арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці атрымліваць фінансаваньне з-за мяжы. Нажаль, Беларусь застаецца адным з кепскіх выпадкаў у межах падобнай практыкі. У тым ліку Спэцыяльны дакладчык спасылаецца на меркаваньне Працоўнай групы ААН па адвольных затрыманьнях па справе Алеся Бяляцкага і на рашэньне Камітэта ААН па правах чалавека па справе аб неабгрунтаванай ліквідацыі Гомельскай арганізацыі “Грамадзянскія ініцыятывы”, – мяркуе юрыст Асамблеі НДА Юрый Чавусаў.

ДАДАТАК: Даклад (анг., файл PDF)

Паводле belngo.org,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Партал,
by.prava-by.info

2 thoughts on “Спэцыяльны дакладчык ААН па свабодзе сходаў і асацыяцыяў падрыхтаваў другую тэматычную справаздачу”

  1. Міжнародныя мэханізмы абароны правоў грамадзянаў для розных краінаў аднолькавыя, унівэрсальныя. Яны трымаюцца на міжнародным праве правоў чалавека ды галоўным прынцыпе pacta sunt servanda – дабрасумленнага выкананьня міжнардных дамоваў усімі краінамі-удзельніцамі, а таксама тым, што кожны гармадзянін такой краіны, якая падпісала Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГіПП) і факультатыўны пратакол да яго – ёсьць паўнавартасным суб’ектам міжнароднага права ў галіне грамадзянскіх правоў і свабодаў.

    Таму, кожны прыніжаны, рэпрэсаваны й дыскрымінаваны…, хто не знайшоў паўнавартаснай абароны ў сваёй краіне, можа зьвяртацца па дапамогу ў КПЧ ААН. Пры любых абставінах у даўгатэрміновай пэрспэктыве пазыцыя ААН будзе здольная значна ўплываць на становішча з правамі чалавека ў дадзенай асобна ўзятай краіне, якая ўпарта працягвае ігнараваць уласныя міжнародныя абавязкі, прыніжае чалавечую годнасьць, правы й свабоды уласных грамадзянаў у параўнаньні зь іншымі цывілізаванымі краінамі-падпісанткамі МПГіПП…

    У такіх абставінах грамадзянскае права становіцца ўнівэрсальным альбо наднацыянальным, а правы грамадзянаў сувымераюцца не па нейкіх там “шклоўска-саўгасных” ідэалягічных парамэтрах правільнасьці, але па ясна ды аднолькава прапісаных, зацьверджаных у якасьці абавязковых (для ўсіх падпісантаў дадзенай міжнароднай дамовы) стандартах і нормах міжнароднага права правоў чалавека. Гэтыя нормы цалкам карэлююць з канстытуцыйнымі нормамі краінаў-падпісантаў. А з гэтага вынікае, што не выконваючы міжнародны стандарт, кіраўніцтва краіны ігнаруе Асноўны Закон уласнай дзяржавы, зьдзяйсьняе неканстытуцыйныя дзеяньні ды пазбаўляе ўласнае грамадзтва (кожнага грамадзяніна непасрэдна) ягонага неад’емнага права “чалавекам звацца” ва ўласнай краіне – мець гарантаваны Канстытуцыяй неабходны кожнаму з нас для нармальнага разьвіцьця ды ўдзелу ў жыцьці грамадзтва мінімум правоў і свабодаў.

  2. ЭДВАРДАС БАРЫСАВАС (Літоўская Рэспубліка) абвесьціў, што Літва салідарызуецца з заявай, зробленай Фінляндыяй ад імя Эўразьвязу. Літва падтрымлівае дзейнасьць і даклад Спэцыяльнага дакладчыка па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, і шкадуе аб адсутнасьці гатовасьці да супрацы зь беларускага боку. Пэўныя слаі беларускага грамадзтва былі нязгодныя з тым, якім чынам праводзіліся апошнія прэзыдэнцкія выбары, і выказалі сваю актыўную грамадзкую пазыцыю па гэтым пытаньні. Што можна сказаць аб становішчы гэтых людзей, калі яны былі затрыманыя, ці адпавядалі ўмовы затрыманьня міжнародным стандартам? Што думае Спэцыяльны дакладчык наконт прымусу да маўчаньня многіх актыўных чальцоў грамадзтва, у прыватнасьці інтэлектуалаў?

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>