2013 20/05

Намесьнік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч

17 траўня намесьнік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч накіраваў міністру замежных справаў Беларусі Уладзімеру Макею зварот у сувязі зь невыкананнем беларускай дзяржавай рашэньня Працоўнай групы па адвольных затрыманнях ААН у справе Алеся Бяляцкага.

Разам са зваротам міністру дасланы адкрыты ліст Абсэрваторыі па абароне праваабаронцаў з патрабаваньнем выкананьня дадзенага рашэньня.

У рашэньні, прынятым 31 жніўня 2012 году, Працоўная група прызнала, што пазбаўленьне волі кіраўніка ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека Алеся Бяляцкага зьяўляецца адвольным, і падкрэсьліла, што “адэкватнымі сродкамі праўнай абароны зьяўляецца вызваленьне сп. Бяляцкага і наданьне яму законнага права на кампэнсацыю ў адпаведнасьці з артыкулам 9, пунктам 5 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП)”.

Аднак беларускі бок адмаўляецца выконваць гэтае рашэньне ўплывовай міжнароднай арганізацыі, заявіўшы замест гэтага, што не бачыць сэнсу ў супрацоўніцтве з Працоўнай групай і абвінаваціўшы яе ў палітычнай заангажаванасьці.

“Беларусь заўсёды канструктыўна ставілася да ўзаемадзеяньня з тэматычнымі працэдурамі Рады [Рады па правах чалавека ААН], прадстаўляла на ягоную адрэсу ўсю запрошваемую інфармацыю. Аднак у такіх умовах з улікам скрайняй палітычнай ангажаванасьці Працоўнай групы, адсутнасьці прафэсыйнай этыкі ў ейнай дзейнасьці Беларусь ня бачыць сэнсу для далейшага ўзаемадзеяньня з Працоўнай групай у ейным цяперашнім складзе”, – заявіла ў сваім выступе афіцыйная дэлегацыя Рэспублікі Беларусь падчас 22-й сэсіі Рады па правах чалавека ААН, якая праходзіла сёлета ў сакавіку.

Патрабаваньне Працоўнай групы аб выпраўленьні становішча сп. Бяляцкага і прывядзеньні яго ў адпаведнасьць з нормамі й прынцыпамі, выкладзенымі ва Усеагульнай дэклярацыі правоў чалавека і МПГіПП беларуская дэлегацыя назвала “умяшальніцтвам ва ўнутраныя справы дзяржавы”: “Разглядаем заключэнне Працоўнай групы па справе Бяляцкага як спробу апраўдаць злачынцу шляхам прылічэньня яго да праваабаронцаў, умяшальніцтва ва ўнутраныя справы суверэннай дзяржавы”.

Прымаючы да ўвагі гэтыя заявы, Стэфановіч, сьледам за Абсэрваторыяй па абароне праваабаронцаў, у сваім звароце да міністру замежных справаў нагадвае, што спэцыяльныя працэдуры ААН (у тым ліку Працоўная група па адвольных затрыманьнях) зьяўляюцца дапаможнымі ворганамі ААН. Яны былі створаны Радай па правах чалавека ААН і падсправаздачныя яму. Сябры ПГАЗ абіраюцца Кансультатыўнай групай, якая прызначаецца Радай па правах чалавека ААН, на падставе ведаў і досьведу ў галіне іхнага мандату, добрасумленнасьці, незалежнасьці ды бесстароннасьці. Іх юрыдычныя заключэньні, такія як вышэйзгаданае рашэньне па справе Алеся Бяляцкага, зьяўляюцца рашэньнямі ААН. Рэспубліка Беларусь як дзяржава-сябра ААН мае абавязак супрацоўнічаць з усімі ворганамі ды мэханізмамі ААН (як гэта прадугледжана артыкулам 56 Статуту ААН), а таксама зьвязана дамовамі, у прыватнасьці Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які Беларусь ратыфікавала ў 1973 годзе.

Акрамя таго, праваабаронца, спасылаючыся на ч. 5.11. Палажэньня аб Міністэрстве замежных справаў, зацьверджанага пастановай Рады Міністраў Рэспублікі ад 31.07.2006 № 978, падкрэслівае, што ў задачы міністэрства ўваходзіць і “кантроль за выкананьнем міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі ворганамі Рэспублікі Беларусь і аказаньне садзейнічаньня ў выкананьні міжнародных дамоваў Рэспублікі Беларусь”.

У сувязі з гэтым Валянцін Стэфановіч просіць міністра замежных справаў забясьпечыць кантроль за выкананьнем рашэньня Працоўнай групы па адвольных затрыманьнях ААН па справе Алеся Бяляцкага, прыняць захады па садзеяньні ў выканьні дзяржаўнымі ворганамі Рэспублікі Беларусь дадзенага рашэньня ды паведаміць пра прынятыя захады ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Паводле licviny.info,
Падрыхтаваў Алесь ЛЕТА,
Беларускі Праўны Пратал,
by.prava-by.info

Цэтлікі: , , ,

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *

*

You may use these HTML tags and attributes: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <strike> <strong>